31 мая – Сусветны дзень без тытуню. Беларусь супраць тытуню

Дата: 31 мая 2018 в 15:02
370 просмотров

Штогод 31 мая Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) і яе партнёры адзначаюць Сусветны дзень без тытуню (СДБТ; англ. World No Tobacco Day), які быў абвешчаны ў 1988 годзе на 42-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя. З 12 па 31 мая 2017 года Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь праводзіць рэспубліканскую інфармацыйна-адукацыйную акцыю “Беларусь супраць тытуню” пад міжнародным дэвізам “Тытунь – пагроза для развіцця”. Мэтай антытытунёвай акцыі з’яўляецца павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб наступствах спажывання тытуню, фарміраванне грамадскай думкі на карысць адмовы ад курэння, матывацыя весці здаровы лад жыцця, падтрыманне ініцыятыў, накіраваных на скарачэнне курэння.

СААЗ прыцягвае ўвагу да дадатковых рызыкаў для здароўя, звязаных з ужываннем тытуню, і паведамляе пра больш чым 25 захворванняў, цячэнне якіх пагаршаецца пад уздзеяннем курэння: сардэчнасасудзістыя, лёгачныя і анкалагічныя захворванні. Наступствы шкоднай звычкі штогод прыводзяць да смерці каля 6 мільёнаў чалавек, з якіх 600 000 – пасіўныя курцы, што падвяргаюцца ўздзеянню другаснага тытунёвага дыму – дыму, які запаўняе рэстараны, офісы ці іншыя закрытыя памяшканні, дзе людзі паляць. У тытунёвым дыме прысутнічае больш за 4 000 хімічных рэчываў, 250 з якіх вядомыя як шкодныя і больш за 50 як канцэрагены.

СААЗ заклікае дзяржавы праводзіць эфектыўную палітыку па памяншэнні маштабаў спажывання тытуню. Глабальнай мэтай СДБТ з’яўляецца садзейнічанне абароне цяперашняга і будучых пакаленняў ад разбуральных наступстваў для здароўя, а таксама сацыяльных, экалагічных і эканамічных бедстваў, звязаных з ужываннем тытуню і ўздзеяннем тытунёвага дыму.

Факты пра тытунь, барацьбу і мэты:

– спажыванне тытуню ўяўляе сабой пагрозу для любога чалавека, незалежна ад яго полу, узросту, расы, культуры ці адукацыі. Яно цягне за сабой пакуты, хваробы і смерць, руйнуючы сем’і і нацыянальную эканоміку;

– ужыванне тытуню абыходзіцца ў велізарную суму для нацыянальнай эканомікі, з улікам павышаных выдаткаў на ахову здароўя і зніжэння прадуктыўнасці працы. Яно пагаршае няроўнасць у сферы аховы здароўя і абвастрае праблему галечы, бо найменш забяспечаныя людзі марнуюць менш сродкаў на прадукты харчавання, адукацыю і ахову здароўя. Каля 80% выпадкаў заўчаснай смерці ў выніку ўжывання тытуню прыпадае на краіны з нізкім і сярэднім узроўнем даходу;

– для вырошчвання тытуню патрабуецца вялікая колькасць пестыцыдаў і ўгнаенняў, якія могуць быць таксічнымі і забруджваць водныя рэсурсы. Штогод для вырошчвання тытуню выкарыстоўваецца 4,3 мільёны гектараў зямлі, у выніку чаго глабальная высечка лясоў дасягае ад 2% да 4%. Тытунёвая прамысловасць выпрацоўвае звыш 2 мільёнаў тон цвёрдых адходаў;

– Рамачная канвенцыя СААЗ па барацьбе супраць тытуню (РКБТ СААЗ) уяўляе сабой міжнародную дамову з 180 Бакамі (179 краін і Еўрапейскі саюз). Усё больш краін ствараюць сістэмы абароны, якія не дапускаюць умяшання прадстаўнікоў тытунёвай прамысловасці ў дзяржаўную палітыку па барацьбе супраць тытуню;

– высокія падатковыя стаўкі на тытунёвыя вырабы спрыяюць павышэнню дзяржаўных даходаў, скарачаюць попыт на тытунь і з’яўляюцца важнай крыніцай паступленняў для фінансавання дзейнасці ў галіне развіцця барацьбы супраць тытуню.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь падтрымлівае ініцыятыву Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і прапануе віртуальную выставу твораў жывапісу, графікі і скульптуры беларускіх майстроў са збору музея, прысвечаную спорту і здароваму ладу жыцця.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (У Беларусі стартуе інфармацыйна-адукацыйная акцыя “Беларусь супраць тытуню”31 мая – Сусветны дзень без тытуню) і на сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.